РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ ПАЛІТЫ́ЧНАГА ВЫЗВАЛЕ́ННЯ РАСІ́І (РППВР),

палітычная арг-цыя неанародніцкага кірунку ў 1899—1902. Узнікла ў Мінску на базе нарадавольскіх гурткоў па ініцыятыве Я.А.Гальперына і Л.​М.​Радзівонавай-Клячко пры ўдзеле К.К.Брэшка-Брашкоўскай і Р.А.Гершуні. Сац. склад — рабочыя, рамеснікі і навучэнцы, у т. л. шмат яўр. моладзі. Аб’ядноўвала каля 40 рабочых гурткоў (каля 200 удзельнікаў); акрамя Мінска парт. групы дзейнічалі ў Дзвінску, Беластоку, Пецярбургу, Екацярынаславе, Жытоміры, Бярдзічаве. Мінская група ў пач. 1900 налічвала 60 чал. Праграмны дакумент — падп. брашура «Свабода» (Мінск, 1900). Гал. мэта — пабудова ў Расіі сацыялізму. Меркавалася шляхам тэрору супраць прадстаўнікоў улады дамагчыся спачатку ліберальнай, а потым рабочай канстытуцыі. Значную ч. дзейнасці РППВР складала прапагандысцкая работа сярод моладзі, інтэлігенцыі, рабочых і салдат шляхам стварэння гурткоў асветы і бібліятэк. Партыя мела некалькі падп. друкарань. У крас. 1900 паліцыя разграміла Мінскую групу РППВР. Уцалелыя гурткі ў 1902 далучыліся да сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

Літ.:

Бригадин П.И. Эсеры в Беларуси (конец XIX в. — февраль 1917 г.). Мн., 1994.

У.​Я.​Казлякоў.

т. 13, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)